Алена Брава
Алена Валер'еўна Брава нарадзілася 18 жніўня 1966 года ў горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і службоўцаў. Скончыла з залатым медалём спецыялізаваную школу з ангельскім ухілам, затым факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля нядоўгага перыяду працы ў раённай газеце Барысава з'ехала з мужам і дачкой на Кубу.
Пасля вяртання з 1990 года жыве ў Барысаве і працуе намеснікам галоўнага рэдактара ў раённай газеце "Адзiнства". Літаратурная вядомасць прыйшла да Алены Брава адразу ж пасля першых публікацый яе твораў у "тоўстых" літаратурных часопісах - чытачы і крытыкі звярнулі ўвагу на новае імя ў беларускай літаратуры.
Проза Алены Брава адрозніваецца падкрэсленым інтэлектуалізмам, пранікненнем у найглыбейшыя закамаркі чалавечай душы. Пісаць Алена пачала яшчэ ў школе - зразумела, вершы; да паэзіі вярталася і ў больш спелыя гады, вынікам чаго стаў паэтычны зборнік "На глыбіні каранёў", выдадзены ў 2002 годзе. Пасля таго, як аддала даніну захапленню вершатворчасцю, пераключылася на прозу.
Як празаік Алена публікавалася ва ўсіх вядучых літаратурных часопісах Беларусі, удзельнічала ў калектыўных зборніках "Апавяданне - 2005", "І зоркі над Бярэзінай - ракой". Першая яе кніга "Каменданцкі час для ластавак", якая выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 2004 годзе ў серыі "Дэбют", была ганараваная літаратурнай прэміяй "Гліняны Вялес".
Лаўрэатка 3 месца прэміі Гедройца 2018 за раман "Садомская яблыня".