а цягнікі сьпяшаюцца і пралятаюць станцыю,
горад маўчыць насьцярожана і назірае з маста.
помніш, як першыя месяцы ён сустракаў іх танцамі,
потым праводзіў песьнямі, потым зусім перастаў.
даверасьнёўская лірыка не дажыве да кастрычніка,
коратка ў прозу пастрыгшыся сухім каляндарным лістом.
стане мінулае выракам, добрае зробіцца рызыкай –
прымеш усё, як звыклае, будзеш пісаць у стол.
з гэткай кепскаю звычкаю лёгка зрабіцца цынікам –
зрэшты, цурацца нечага – гэта цынічна ня меньш.
кінеш выходзіць на вуліцу. вуліца стане засьмечанай.
ты задаволішся вынікам, вершык няўцешны складзеш.
восеньскія вакацыі пройдуць у паняверцы.
у небе бездапаможна лётаў апошні анёл.
помніш, як перад старасьцю ён ратаваў іх сьмерцю.
потым не атрымалася. потым і сам памёр.