а праз турмы зімы прарастае вясна…
о, былы сум іржы анямелых ад снегу дарог!
я прачынаўся, а за межамі ложка быў сад —
птушкамі кратаў чорныя дрэвы,
але я іх усіх змог.
я прачынаўся, а за межамі ложка літва —
край мой змерлы ў руінах антычнага сьнегу.
чуеш?
якою ракою яна адплыла
ў ціхі край, дзе брыняе крывёю сцяг белы.
а праз турмы зімы прарастае вясна!
сокам льецца святло цераз скрайкі ўсіх рэчаў.
соты сэрцаў — бы цаглінаў сям’я
ў будаўніцтве тваёй і маёй
новай вежы.