А святое аддайце сабаку

penbelarus.org · Наста Кудасава - А святое аддайце сабаку
Марусі Салаўёвай
а святое аддайце сабаку.
у сабакі на донцах вачэй
адбіваецца свет невыгаўкны:
будкі храм,
дзе малітвамі ў лапках
колкі студзень пячэ,
казань-восень, казурак харалы…
і анёл прызямліўся на нос,
каб, адклаўшы нябёсныя справы,
слухаць разам у здзіўленых травах
дабравесце стракоз.