Абшары кахання

penbelarus.org · Ігар Канановіч - Абшары кахання

У свядомасці
трывожна пульсуе
чырвоная жылка:
абшары Кахання…

…якое мае з Любоўю
столькі ж агульнага,
колькі паходня,
кінутая на страху,
з вогнішчам падарожнікаў…

Трэба выжыць:
бо жыць адгэтуль — немагчыма
і абысці — нельга…

Купідон Змроку,
узброены арбалетам,
танчыць
у загусцелым паветры
вакол мяне,
зларадна рагоча:
пачвара ведае
вынік вусцішнай дзеі,
але робіць выгляд,
што ў ахвяры ёсць шанцы…

Я вітаю сэрцам стралу.
Паглынаю сэрцам стралу.
Абдымаю сэрцам стралу.
— Ну вось і сустрэліся, любая!