Аміра

penbelarus.org · Ганна Комар - Аміра

Ты плакаў толькі аднойчы,
калі я зламала твае акуляры,
а смяяўся разам са мной 
усяго два разы,
я не памятаю, з чаго –  
раптам стала так светла,
нібы мне падарылі сонца,
мне адной,
і яно маё.

Я плакала кожную трэцюю ноч
пасля тых трох хвілін без святла,
калі ты дазваляў мне зняць адзенне,
што хавала складкі на жываце,
іх магло б расправіць дзіця,
але да тваёй згоды заставалася 
дзесяць кіло маёй вагі. 

Я плакала праз дзень,
потым штодня, мне пякло,
калі яечня шкварчэла на патэльні,
калі гарачы чай выліваўся на рукі,
калі твая маці не верыла ніводнаму майму слову.

Душа галасіла, бы цётка з Цэнтральнага рынка
Касабланкі, што твой тавар самы лепшы.
Я не верыла ёй, але зноў і зноў яго набывала.