Антоні Лібера. Мадам (урывак)

penbelarus.org · Антоні Лібера. “Мадам” (пер. Марына Шода)

Мне не было чаго губляць, і я ў той самы дзень выправіўся ў бюро Варшаўскага фестывалю аматарскіх і школьных тэатраў, якое месцілася ў адным са сталічных тэатраў, збіраючыся заявіць наш спектакль на конкурс. Я хваляваўся. Думка пра ўдзел у такога роду імпрэзе (самай сур’ёзнай у падобнай катэгорыі), у дадатак насуперак Саліцёру, натхняла мяне, але адначасова абуджала панічны страх перад магчымым абсмяяннем. Наш сцэнічны досвед быў мізэрны. Ніводнага разу не стаяўшы перад публікай, мы не ведалі, як будзем паводзіцца. Што зробіць з намі хваляванне? Ці не падвядзе памяць? Як мы дамо рады з нечаканай сітуацыяй? Апрача таго, я не меў уяўлення, якія ў нас будуць канкурэнты. Можа, нашу мяшанку, як бы мы ні выступалі, палічаць інфантыльнай, або, што яшчэ горай, нуднай? Ці проста смешнай у сваёй прэтэнзіі на трагізм? Такая параза была б прыніжальнай. Я адчуваў, што моцна рызыкую.

У бюро фестывалю панаваў сонны спакой. Пры стале сядзела маладая сакратарка і фарбавала пазногці.

— Я хацеў бы запісаць наш калектыў на сёлетні фестываль, — сказаў я нясмела.

— Ты ад каго?  — спытала сакратарка, не адрываючыся ад свайго занятку.

— Як ад каго?  — здзівіўся я. — Ад сябе. Ад калектыву, які прадстаўляю.

Яна акінула мяне позіркам.

— Ты не падобны ні да рэжысёра, ні да настаўніка,— сказала яна, вяртаючыся да пазногцяў.

— А я ні той і ні той, — сцвердзіў я са штучным смуткам. — Няўжо гэта азначае, што ў мяне няма права падаць заяўку ад імя

калектыву?

— Тэрмін падачы заявак ужо мінуў, — унікліва адказала яна.

Я адчуў, як прыкра сціснулася сэрца і адначасова надышла палёгка. Ну што ж — не атрымалася, можа, гэта і добра. Хоць шанец на перамогу і лаўры знік, ды знік і прывід правалу.

— Мінуў…— рэхам паўтарыў я. — А ці магу я даведацца, калі?

— Сёння а дванаццатай,— сказала яна з удаваным жалем.

Я паглядзеў на гадзіннік. Была чатырнаццатая гадзіна пятнаццаць хвілін.

— А ў нас да другой былі заняткі, — сказаў я быццам сам сабе.

— Трэба было прыйсці ўчора, — развяла яна рукамі, прынагодна агледзеўшы эфект сваіх касметычных заняткаў.

— Праўда што…— буркнуў я пакорліва і скіраваў да выйсця, але ў гэты момант у пакой увайшоў ні многа ні мала ўласнай персонай сам Э. С., адзін з найпапулярнейшых акцёраў таго часу, і сакратарка, міла ўсміхаючыся, сарвалася з месца.

Э. С. быў вядомы не толькі як знакаміты драматычны акцёр, але і як прыватная і капрызлівая асоба. Хадзілі легенды, як складана з ім працаваць, як ён падстаўляе партнёраў па сцэне і ў той самы час які прыемны бывае з дапаможным персаналам, а перш-наперш са сваімі фанатамі. Шмат распавядалі пра яго нарцысізм і манію велічы і пра тое, як пацешна ён хавае гэтыя слабасці пад маскай сціплага і нясмелага прасцячка. Ласы да воплескаў і захаплення, ён ахвотна займаўся з моладдзю, выкладаючы ў акцёрскай школе і апекуючыся рознымі тэатральнымі імпрэзамі, акурат такімі, як фестываль аматарскіх тэатраў. Апошні яго трыумф быў у ролі Проспера ў «Буры» Шэкспіра — спектаклі, квіткі на які былі раскупленыя на шмат тыдняў наперад, які мне ўдалося паглядзець некалькі разоў і які я ведаў амаль на памяць.

Цяпер, калі ён з гуллівым Buon giorno, cara mia, кінутым сакратарцы, увайшоў у кабінет, я першы раз у жыцці пабачыў яго так блізка і мне заняло дых ад захаплення. Але за хвіліну, калі ён велікадушна ўшанаваў мяне прапановай паціснуць руку і па-штукарску прадставіўся, да мяне вярнулася прытомнасць і я распачаў гульню, у якой пабачыў для сябе цень шансу. А менавіта — я звярнуўся да яго словамі Арыэля:

Цябе вітаю я, мой гаспадар!

Зрабіць гатовы ўсё, што загадаеш:

Па хвалях плыць ці кінуцца ў агонь,

Ці па аблоках над зямлёю бегчы.

Скажы! — на ўсё гатовы Арыэль

Дзеля цябе.

Ён хутка і ўхвальна зірнуў на мяне, а пасля, у момант ператва рыўшыся ў свайго надзвычайнага, суворага і ўзнёслага Проспера, распачаў дыялог з месца, дзе я скончыў:

Як выканаў загад мой

Ты ў часе буры?

— Так, як ты сказаў,— прамовіў я, быццам граў з ім на сцэне. І далей працягнуў шэкспіраўскую фразу:

Напаў на каралеўскі карабель.

Наводзіў жах я — полымем імклівым

На мачтах узвіваўся і на рэях.

Ён зрабіў крок наперад і абняў мяне рукой за плечы:

Цудоўна, Арыэль! Хто-небудзь там,

На караблі, застаўся цвёрды духам?

Я па інерцыі прамовіў словамі з Шэкспіра:

Ніхто. Ад жаху ўсе павар’яцелі…

Але сказаўшы гэта, я зрабіў кароткую паўзу, быццам завагаўся, а потым, гледзячы майму незвычайнаму партнёру проста ў вочы, нечакана для самога сябе працягнуў далей тым самым пяцістопным ямбам:

Хоць быў, канешне… Быў адзін такі…

Ён тут перад табой… Якога вабіць

Чаканне вечнай і бязмежнай славы.

Я тут, каб на турнір падаць заяўку.

Ты тут, каб той турнір судзіць сумленна.

Ды вось Сікоракс, — я далікатна павёў рукой у бок сакратаркі, —

Вядзьмарка брыдкая,

Кіпцюр сабе фарбуючы, сказала,

Што час прабіў, на жаль, яшчэ апоўдні. — я зірнуў на гадзіннік:

Але ўсяго гадзіны тры мінула,

Калі страла зайздрослівага лёсу

Пацэліла, і страціў я спадзеў.

Што мне рабіць — не ведаю цяпер я.

Мой пане, толькі ты мне дапаможаш!

Дай шанец і ўступіся за мяне!

Э. С. глядзеў на мяне ўсё болей аслупянела, але калі прагучаў апошні радок маёй імправізаванай тырады, ён аднавіў часова паралізаваны рэфлекс і прыняў кінуты яму выклік:

Сікоракс дапускаць цябе не хоча?

Тады свае я чары скарыстаю,

І зломім супраціў падступнай ведзьмы.

Ён скурчыў жартаўліва суворую міну, зрабіў крок да сакратаркі і працягнуў да яе рукі ў гіпнатычным жэсце:

Пачуй мяне, бязлітасная лэдзі!

Хай гэты хлопец трапіць на турнір!

Ад гэтых слоў сакратарка расплылася ў ліслівым захапленні і вымавіла, міжволі трапляючы ў рытм шэкспіраўскага верша:

Спадар прафесар, усё зраблю як трэба!

Гэта яшчэ болей разняволіла Э. С. Ён, быццам зачараваны, развёў рукі і з асалодай на твары праспяваў адной са сваіх знакамітых інтанацый (карыкатурных, гратэскна саладжавых):

— Ах, як цудоўна!..— Пасля чаго па-бацькоўску прытуліў сакратарку і пачаў гладзіць яе па галаве, а яна расчырванелася і ашчэрыла зубы ў шырокай нервовай усмешцы, поўнай чуласці і сарамлівасці.

Дадому я вяртаўся як на крылах. Што ні кажы, а цягам пятнаццаці хвілін на мяне абрынулася лавіна перажыванняў, кожнае з якіх можна было пераасэнсоўваць як мінімум пару дзён. «Я асабіста пазнаёміўся з Э. С.!.. Я падкідваў рэплікі, рыхтык граў разам з ім на сцэне!.. Я задурыў яму галаву, як штукар!.. Ну і галоўнае, мы былі дапушчаныя да ўдзелу ў конкурсе, і як эфектна!» — Мяне распірала ад радасці і моцнага адчування, што мая гадзіна ўрэшце прабіла. Пасля такога незвычайнага пачатку, пасля такога рады кальнага павароту лёсу не магло адбыцца нічога іншага, як толькі далейшы ўзлёт.