атручаная вясной
дыхаю не паветрам
а шэрай вільготнай ватай
у модзе – рэтра
у модзе – матавы
выдых
і бязвольнае цела
а ты – трывай, трымайся
тут не бывае патаў
тут снайперы і кантрольныя стрэлы
а як ты хацеў?
а як я хацела?
можа, табе мроіцца блізкі бераг?
можа, ты чуеш музыку іншага свету?
усяго мера
з мельхіёру – лыжачка
з парцаляны – кубачак
два глыткі і – мінае лета
і пакуль лыжачкай водзіш, рытмічным постукам
салодзячы час
падкупляючы стрэлкі, ледзь бачныя ў сутонні
зірні направа – гэта сірэны спяваюць джаз
зірні налева – карабель тоне
і проста перад табой – я ў шаломе вікінга
стаю, і ў вачах маіх – адкрытае мора
і няхай тваё сонца папярэджвае цябе блікамі
і крэсліць руны, хаваючы пад корак
пакрэмзаны аркуш – няхай!
на вільготным пяску сляды
чэзнуць
позна!
глыбей дыхай
няма дарогі назад – давай, здавайся
проста кахай
проста
давай, распранайся
а потым – яшчэ раз
зноў – распранайся