Баляслаў Лесьмян. Нябачныя

penbelarus.org · Баляслаў Лесьмян. Нябачныя (пер. К. Маціеўская)

Нас паўсюдна атачаюць тысячы нябачных зданяў.
Хто каго заўважыць першы? Хто каму душою стане?

Ходзяць разам з намі ўночы і блукаюць з намі ўранні —
І ўзаемнасці не бачаць у такім суіснаванні.

Як яны для нас, для іх мы — непарушаная тайна…
Толькі ўсё ж змярканні часам не такія, як звычайна.

А мая малая лодка каля берага застыла…
Сніць сябе вада, што лодцы — і радзіма, і магіла.

Нехта вельмі размаіты лодку гойдае, калыша —
Я ж наўкола сведчу зелень, сведчу я наўкола цішу.

А яны чапляюць лодку, снам паддаўшыся й трывозе,
Плыць адсюль далёка прагнуць, ды не ў змозе, бо — не ў змозе.

Цягне цемра ў смерць, і лёс іх — бераг, небыццём зарослы.
Ім бракуе смелай моцы, без якой не возьмеш вёслы.

Я ж хачу, каб паддалася лодка зборні спадарожнай, —
Каб крануцца хоць аднойчы іх рукі неасцярожнай.

Пераклад з польскай