Спяць трамваі, ды бязважка
Ў рэйках блытаюцца сны,
І кандуктары ў фуражках
Засынаюць да вясны.
Не прысняцца ім пуцёўкі,
Светлафоры ўздоўж дарог,
Ім прымрояцца цыноўкі,
На цыноўках – насарог,
І сплятаюць вогнекрыла
Птушкі чарадзейны ўзор,
Калыханкаю панылай
Ім гучыць уздых рысор.
Да вясны – зіма бязмала,
І, згубіўшы каляю,
“Рэйкі-рэйкі, шпалы-шпалы”
Я кандуктару пяю.