Батаніка зімы

penbelarus.org · Югася Каляда - Батаніка зімы

Ранак. Стаіш ля вакна. З усходу
сунецца пляма сьвятла. Павольна
пара над комінамі заводаў
пухне як высьпелая бавоўна.

Дзень паказаўся і выйшаў вонкі.
Шэрая пляма спаўзла на захад.
А край дарогі павіслі гронкі
жоўта-ружовых ліхтарных ягад.

Дзень, як шарэе, мяркуй, пражыты.
Фары ўмыкаеш за позьнім часам –
бачыш, сьвятло бяжыць па пражылках
у пакручастых сьцяблінах трасаў.

Вечар. Ты першы сягнеш на коўзкі
лёд, не атручаны сольлю едкай –
і на калене разгорне пялёсткі
крывападцёку блакітная кветка.