Беларуская мова

penbelarus.org · Кирилл Дубовский - Беларуская мова

Мы сядзелі з Пашам у кавярні, пілі гарбату і палілі. Ён распавядаў мне пра свой сон.

— Снілася, быццам у мяне выйшла кніга і была яе прэзентацыя ў Маскве. На ёй прысутнічаў Бегбедэр і яшчэ нейкія вядомыя аўтары. Памятаю, што адчуваў сябе багатым і шчаслівым, а як прачнуўся — нічога. Ні грошай, ні кнігі. Вось так вось.

Паша паціснуў плячыма. Нейкі час мы сядзелі моўчкі. Потым я асмеліўся распавесці.

— Я сёння бачыў жахлівы сон. Ты ж, напэўна, ведаеш, што ўчора я напісаў сваё першае беларускамоўнае апавяданне. Напісаў і паклаўся спаць. І снілася, быццам я нікуды не сыходзіў з-за стала. Сядзеў перад маніторам, і тут да мяне ў пакой уваходзіць мужык. Велічэзны такі, з вусамі, ногі ў лапцях, у валасах каўтун. І кажа ён мне:

“Я твая Беларуская Мова! Ды не будзе ў цябе іншых моваў апроч мяне! Калі ты вырашыў аддаць мне душу, то ведай, што мусіш выканаць неабходныя ўмовы. З сённяшняга дня ты будзеш як мага больш пісаць пра наш край, наш шлях, зямельку гаротную беларускую, маскалёў клятых чужынцаў і пагоню бел-чырвона-белую. Калі ты гэтага не зробіш, я вярнуся і ўтаплю цябе ў трасянцы”.

— І вось не ведаю зараз, што рабіць, — уздыхнуў я. — Хачу пісаць пра дзяўчат, каханне, вясну.

Паша задумаўся.

— Трэба неяк круціцца. Будзеш пісаць, што і на нашу гаротную зямельку беларускую прыйшла вясна. Дзяўчаты ўпрыгожылі рукі бел-чырвона-белымі латэкснымі напульснікамі. І паўсюль запанавала каханне. Гэта адзіны твой шлях у гэтым краі.