Нават нашыя маці ня знаюць як мы зьявіліся ў сьвет
Як мы самі рассунуўшы іхныя ногі вылезьлі вонкі
Так вылазяць пасьля бамбардаваньня з руінаў
Мы ня ведалі хто з нас хлопец а хто дзяўчына
І жэрлі зямлю і думалі што жарэм хлеб
А нашая будучыня гімнастачка на тонкай
Нітачцы далягляду што там яна толькі
Ні вырабляла
Бля
і мы расьлі ў краіне дзе
спачатку крэйдай крэсьляць дзьверы
і ўночы прыяжджаюць дзьве-тры машыны
і звозяць нас але
ў тых машынах былі не мужчыны
з аўтаматамі
і не жанчына з касою
але так да нас прыяжджала каханьне
і забірала з сабою
Толькі ў грамадзкіх туалетах мы адчувалі свабоду
Дзе за дзьвесьце рублёў ніхто не пытаў што мы там робім
Мы былі супраць сьпёкі летам супраць сьнегу зімой
А калі аказалася што мы былі нашай мовай
І нам вырвалі языкі мы пачалі размаўляць вачыма
А калі нам выбралі вочы мы пачалі размаўляць рукамі
Калі нам адсяклі рукі мы размаўлялі пальцамі на нагах
Калі нам прастрэлілі ногі мы ківалі галавою на «так»
І хіталі галавою на «не». І калі нашыя галовы зьелі жыўцом
Мы залезлі назад у чэравы нашых сьпячых маці
Як у бамбасховішчы
Каб нарадзіцца зноў
А там на даляглядзе гімнастачка нашай будучыні
Скакала праз агнявы абруч
Сонца
Піздзец