Болю пабітае шкло – крывяцца вусны

болю пабітае шкло – крывяцца вусны
доўга не бачыць цябе – гэта памяць навобмацак
я з ланцуга пекных сноў хутка сарвуся
мне пяшчоты тваёй засталося вобмаль

дайце адолець тужлівую душную далеч
там ты сышоў з цягніка і, пакрыўджаны некім,
доўга ўзіраешся ў постаці на вакзале
ветрык кранае пужлівыя дрогкія вейкі

як да анёла ў нямое дагрукацца неба?
быццам бы позняй вясны, як цябе дагукацца?
верш, я і ты – нас навучаць па сходнай цане
танга ўтраіх па законах класічнага танца

ліпа ўсміхаецца нованароджаным лісцем
душы гняздуюць няхай, дзе крумкач начуе
дождж-чужаніца табе за каўнер будзе ліцца
ў шэпце прарослай травы ты мяне пачуеш