Будзем карміць нашых феніксаў проста з рук

penbelarus.org · Наста Кудасава - Будзем карміць нашых феніксаў проста з рук
Косцю Чарухіну
будзем карміць нашых феніксаў проста з рук,
адагравацца ў зіхценні гаючых пёрак.
я абяцаю.
не бойся,
я больш не памру.
нават не ведаю, што б я рабіла мёртвай.
тут жа такія цуды па ўсёй зямлі:
клён абдымае за плечы, цалуе веццем…
мох і чаромха, ядловец і базілік –
бачыш, няма калі нават і думаць аб смерці!
бачыш, як раніца просіцца: “на, вазьмі!” –
шчасце, агромністы дзень –
мой, жывы да адчаю…
будзе
і вечны міндаль,
і бясконцы язмін.
будзем карміць нашых феніксаў,
я абяцаю.