Бюргер і Распэ. Неверагодныя падарожжы барона Мюнхгаўзэна

Неверагодныя падарожжы сушай і морам, ваенныя паходы і вясёлыя прыгоды барона фон Мюнхгаўзэна, пра якія ён звычайна расказвае за бутэлькай у коле сяброў (урывак)

Готфрыд Аўгуст Бюргер
Рудольф Эрых Распэ

Вы, панове, канечне ж, чулі пра Губерта, заступніка паляўнічых ды стралкоў, а таксама пра статнага аленя са святым крыжам паміж рагоў, з якім Губерт аднойчы сутыкнуўся ў лесе. Гэтаму святому я з года ў год прыносіў у добрай кампаніі ахвяру, а аленя, мабыць, не менш за тысячу разоў бачыў намаляваным у цэрквах ці вышытым на зорках рыцараў ордэна святога Губерта. Не магу паручыцца гонарам і годнасцю сумленнага паляўнічага за тое, ці існавалі ў старыя часы такія алені-крыжакі і ці сустракаюцца яны дагэтуль. Дазвольце лепш расказаць пра тое, што я бачыў на свае вочы. Аднойчы, расстраляўшы ўсе кулі, я нечакана сустрэўся з найпрыгажэйшым аленем у свеце. Ён як нічога ніякага глядзеў мне ў вочы, быццам дакладна ведаў, што мой падсумак пусты. Тады я імгненна зарадзіў стрэльбу порахам, а зверху насыпаў цэлую жменю вішнёвых костак, якія спрытна ачысціў ад мякаці, і ўсадзіў увесь зарад аленю паміж рагоў. Стрэл крыху аглушыў яго, ён пахіснуўся, але ўсё ж даў лататы. Праз год ці два я паляваў у тым самым лесе, і – бач ты! – перада мной з’явіўся статны алень з вялікім вішнёвым дрэвам вышынёй дзесяць футаў паміж рагоў. Мне адразу ўспомнілася былая прыгода. Я лічыў аленя сваёй даўняй законнай маёмасцю і адным стрэлам улажыў яго. Тым самым я забяспечыў сябе адначасова і смажанінай, і вішнёвай поліўкай, бо дрэва было ўсыпанае пладамі, смачнейшых за якія я не каштаваў ніколі ў жыцці. І хто цяпер дакажа, што які-небудзь заўзяты святы, апантаны паляваннем абат ці біскуп не вырасціў такім жа чынам крыж паміж рагоў у аленя святога Губерта? Бо гэтыя спадары здаўна славяцца ўменнем панастаўляць крыжоў і рагоў: такое здараецца і ў нашы дні. Калі ўзнікне патрэба, калі на шалях усё ці нічога, а з такім сапраўдны паляўнічы сутыкаецца нярэдка, ён разыходзіцца на ўсе застаўкі і гатовы немаведама на што, каб не ўпусціць шчаслівы выпадак. Я сам шмат разоў не мог устаяць перад такой спакусай.

А што вы скажаце, напрыклад, пра такі казус? Аднойчы ў польскім лесе ў мяне скончыўся порах, якраз калі згасла дзённае святло. Я вяртаўся дадому, і тут на мяне напаў неверагоднай пачварнасці мядзведзь з разяўленай пашчай. Ён быў гатовы праглынуць мяне цалкам. Дарма я похапам шнарыў па кішэнях у пошуках пораху і куль. Я не знайшоў нічога апроч двух крэмняў, якія звычайна бяруць з сабой пра запас. З усяе моцы я шпурнуў адзін з іх у разяўленую зяпу пачвары, у самую глыб ягонай глоткі. Мядзведзю гэта прыйшлося не надта даспадобы, і таму ён выканаў “цераз левае плячо кругом марш”, так што я змог зрабіць другі кідок у заднюю браму. Усё атрымалася цудоўна і ўдала! Другі крэмень не толькі ўляцеў туды, але і сутыкнуўся з першым, выкрасіў агонь, ад чаго мядзведзь аглушальна выбухнуў. Кажуць, што камень, скарыстаны падобным чынам a posteriori, асабліва сутыкаючыся з каменем a priori, ужо ўзнімаў у паветра некаторых медзведзяватых вучоных і філосафаў. Хаця маю скуру тым разам і не падралі, мне больш не хацелася б паўтараць такія штуковіны, ці, іначай кажучы, завязваць знаёмства з мядзведзем без іншых сродкаў абароны.

У пэўнай ступені гэта быў мой лёс: самыя лютыя і небяспечныя драпежнікі нападалі на мяне тады, калі я быў не ў стане даць ім адлуп, быццам інстынкт падказваў ім, што я безабаронны. Вось аднойчы я выкруціў крэмень са сваёй стрэльбы, каб крыху яго навастрыць, і тут да мяне з рыканнем кінуўся страшэнны мядзведзь. Усё, што я паспеў зрабіць – гэта спешна ўзлезці на дрэва, каб падрыхтавацца там да абароны. На бяду, узбіраючыся на дрэва, я ўпусціў нож, а ў мяне не было нічога, каб закруціць тугі вінт. Унізе стаяў мядзведзь, які ў любы момант мог паследаваць за мной. Высякаць іскры з вачэй, як я ўжо некалі рабіў, у мяне не было асаблівага жадання, бо (калі ўжо пакінуць убаку іншыя неспрыяльныя абставіны) той эксперымент выклікаў моцны боль у вачах, які яшчэ дагэтуль не прайшоў. Поўны тугі я глядзеў на нож, які тырчаў у снезе. Але ж нават самыя тужлівыя позіркі ні на валасок не паляпшалі справу. Нарэшце мне ў галаву прыйшла вельмі дзіўная і не менш удалая ідэя. Проста на ручку нажа я накіраваў цурок той вадкасці, якой ад вялікага страху ў арганізме і колькасць заўсёды збіраецца вялікая. Жудасны холад, які панаваў тады, адразу замарозіў вадкасць і праз некалькі імгненняў на ручцы нажа утварыўся лядзяш, які сягаў ніжніх галін дрэва.Тады я ўзяўся за ледзяное дзяржальна і без асаблівых намаганняў, але надзвычай асцярожна падцягнуў нож да сябе. Толькі я прыкруціў ім крэмень, як спадар Пэц палез уверх. “Напраўду трэба быць мудрым, як мядзведзь, каб так дакладна разлічыць час, – падумаў я і сустрэў майстра Браўна такім сардэчным падарункам карцечы, што ён назаўсёды кінуў лазіць па дрэвах.

пераклад з нямецкай