Чак Паланюк. Байцоўскі клуб

penbelarus.org · Чак Паланюк - 16 раздзел з рамана "Байцоўскі клуб" (пер. С. Мядзведзеў)

Сёння ў газетах: нехта ўварваўся ў “Hein Tower” на паверхі з дзясятага па пятнаццаты, вылез за вокны, намаляваў на паўднёвым баку будынка пяціпавярховую вышчараную морду і падпаліў два офісы, вокны якіх выходзілі акурат па цэнтры кожнага вялізнага вока; і вялізны твар блішчэў вачыма, як жывы, няўмольна навісаючы над досвітным горадам.

На першай старонцы – злы хэлоўінскі гарбуз, японскі дэман, застылы ў небе дракон хцівасці, і дым – як бровы вядзьмаркі або рогі д’ябла. І людзі ў паніцы, з закінутымі галовамі і раззяўленымі ратамі.

Што б гэта магло значыць?
І хто мог такое зрабіць? Нават калі пажар пагасілі, твар не знік, толькі стаў яшчэ больш злосны. І пустыя мёртвыя вачніцы, здавалася, ўсё яшчэ глядзелі на цябе.

З кожным днём у газетах такога усё больш.
Вядома, першае, пра што думаеш, чытаючы такое: ці справа гэта рук праекта “Вэрхал”?

Газеты пішуць: у паліцыі ані здагадкі, хто за гэтым стаіць. Хеўра падлеткаў, касмічныя прыхадні ці хто яшчэ – але хто б гэта ні зрабіў, яны маглі разбіцца, спаўзаючы па выступах, звісаючы на вяроўках з балончыкамі чорнай фарбы ў руках.

Бунтарскі камітэт або камітэт па падпалах. Гіганцкі твар, відаць, – іхняе чарговае хатняе заданне.
Тайлер, вядома ж, ведаў. Але першае правіла праекта “Вэрхал” – ніякіх пытанняў.

На гэтым тыдні на сходзе камітэта па разбойствах праекта “Вэрхал” Тайлер сказаў, што цяпер мы гатовыя навучыцца страляць з пісталета. Задача ж пісталета – скіраваць выбух у пэўным кірунку.

На апошні сход “разбойнікаў” Тайлер прынес пісталет і “жоўтыя старонкі” тэлефоннага даведніка. Сходы праходзяць увечары, у сутарэнні бара, дзе ў суботу збіраецца БК. У кожнага камітэта – свой дзень:

Падпалы збіраюцца ў панядзелак.
Разбойствы – у аўторак.
Бунтары – у сераду.
Дэзінфарматары – у чацвер.
Арганізаваны хаос. Бюракратыя анархіі. Ну, ты разумееш.
Групы падтрымкі. Накшталт таго.

Дык вось, у аўторак увечары “разбойнікі” пісалі свае прапановы, а Тайлер чытаў і выбіраў для іх хатняе заданне на бягучы тыдзень.

Да наступнага аўторка кожны павінен завязаць бойку і прайграць. Па-за БК. Лёгка сказаць! Людзі на вуліцы зробяць усё магчымае, каб ухіліцца ад бойкі.

Задача ў тым, каб узяць з вуліцы першага-лепшага хлопца, які ніколі не біўся, і завербаваць. І няхай ён пераможа – першы раз у жыцці. Няхай ён выбухне. Няхай выб’е з вас трохі дзярма.
Вы здолееце. А калі пераможаце, вы праваліліся.

– Галоўнае, братцы, – сказаў Тайлер на сходзе, – нагадаць гэтым хлапцам, што яны яшчэ поўныя сілаў.

Гэтак Тайлер іх падбадзёрыў. Затым ён пачаў вымаць з кардоннай каробкі складзеныя паперкі і разгортваць іх адну за адной. Гэтак ва ўсіх камітэтах праходзіць выбар хатняга задання. Пішаш сваю прапанову ў агульны нататнік. Вырываеш аркуш, складаеш і кладзеш у кардонку. Тайлер праглядае прапановы і адкідае неўпадабаныя.

Замест кожнай выкінутай паперкі, ён кладзе ў кардонку складзеную чыстую.
А затым усе сябры камітэта цягнуць свой лёс. Вось як Тайлер мне ўсё гэта растлумачыў: той, хто выцягне чыстую паперку, атрымлівае на тыдзень толькі Тайлерава заданне.

А той, хто выцягне паперку з заданнем, павінен, напрыклад, будзе пайсці ў нядзелю на фэст імпартнага піва і акунуць каго-небудзь галавой у біятуалет. Калі яго за гэта яшчэ і паб’юць, дык зусім цудоўна. Або павінен будзе наведаць паказ модаў у гандлёвым цэнтры і закідаць публіку клубнічным жэле з другога паверха.

Арыштуюць – і ты ўжо не сябра камітэту. Засмяешся – туды ж.

Ніхто не ведае, што выцягнулі іншыя. Ніхто, акрамя Тайлера, не ведае, якія прапановы прынятыя, а якія адкінуты. А праз пару дзён у газетах з’яўляюцца артыкулы, як невядомы ў цэнтры горада заскочыў у “Ягуар”-кабрыялет, выштурхнуў кіроўцу і урэзаўся ў фантан.
І ты думаеш: а гэтае заданне магло выпасьці і мне.

А ў наступны аўторак аглядаеш сяброў па камітэце, што сабраліся пад адзінай лямпачкай у цемры байцоўскаклубаўскага склепу і задаешся пытаннем: і хто ж з іх скіраваў “Ягуар” у фантан?
Хто забраўся на дах мастацкага музея і абстраляў з пэйнтбольнай стрэльбы скульптуры ў дворыку?
Хто намаляваў палымянага дэмана на будынку “Hein Tower”?

Уяві карціну. Ноч. Будынак “Hein Tower”. Група судовых клеркаў, бухгалтараў або кур’ераў пракрадаецца ў будынак, дзе яны сядзелі цэлымі днямі. Магчыма, яны крыху п’яныя, хаця гэта і супраць правілаў праекта “Вэрхал”. Ад адных дзвярэй у іх былі ключы, а дзе не было – дапамагалі балончыкі з фрыёнам і зубілы, – і вось яны спускаюцца на вяроўках уздоўж цаглянага фасаду, даверыўшыся тым, хто страхуе ўверсе, хістаючыся, рызыкуючы сарвацца і разбіцца на смерць, на тым жа месцы, дзе штодня яны адчувалі, што з кожнай гадзінай жыць ім застаецца ўсё менш.

А зранку гэтыя ж клеркі і асістэнты па сувязях з кліентамі стаялі б у натоўпе з акуратна прычасанымі валасамі, у гальштуках, закінуўшы галовы, крыху затарможаныя пасля бяссоннай ночы, але працверазелыя; слухалі б, як народ вакол дзівіцца, хто б мог такое зрабіць, і як паліцэйскія просяць усіх адыдысціся, бо са зронак вялізных вачэй пачынае ліцца долу вада.

Тайлер сказаў мне па сакрэце, што добрых прапановаў рэдка бывае больш за чатыры, таму шанец выцягнуць паперку з заданнем недзе чатыры на дзесяць. У камітэте па разбойствах разам з Тайлерам дваццаць пяць чалавек. Усе атрымліваюць хатняе заданне: прайграць бойку на людзях. А затым цягнуць паперкі.

На гэтым тыдні Тайлер сказаў:
– Пайдзіце і набудзьце пісталет.

Ён даў аднаму з хлапцоў “жоўтыя старонкі” тэлефоннага даведніка і сказаў вырваць якую-небудзь рэкламу і перадаць даведнік іншаму. Набываць і стрэляць усе павінны ў розных месцах.

– Гэта, – сказаў Тайлер, дастаючы з кішэні курткі пісталет, – гэта пісталет, і праз два тыдні кожны з вас павінен прыйсці сюды з пісталетам такога ж памеру.

– Расплочвайцеся лепш гатоўкай, – казаў Тайлер. – А яшчэ праз тыдзень вы ўсе абмяняецеся пісталетамі і заявіце ў паліцыю, што ваш скралі.

Ніхто нічога не пытаў. Ніякіх пытанняў – першае правіла праекта “Вэрхал”.

Тайлер пусціў пісталет па руках. Нягледзячы на памеры ён быў такі цяжкі, нібы спатрэбілася сціснуць і ператапіць нешта вялізнае – гару ці сонца – каб яго зрабіць. Хлопцы акуратна трымалі пісталет двума пальцамі. Усім карцела спытаць, ці набіты ён, але другое правіла праекта ”Вэрхал” – ніякіх пытанняў.
Набіты ці не, хто ведае? Трэба заўжды спадзявацца на горшае.

– Пісталет, – казаў Тайлер, – рэч простая і дасканалая. Трэба проста націснуць на курок.

Трэцяе правіла праекта ”Вэрхал” – ніякіх не.

– Курок, – казаў Тайлер, – вызваляе ігліцу, і тая б’е па набоі.

Чацвертае правіла – ніякай хлусні.

– Порах выбухае, і куля вылятае з ладунку, а руля пісталета факусуе выбух і накіроўвае кулю, – тлумачыў Тайлер, – як гармата – ядро, як шахта – ракету, як струк – сперму: дакладна ў цэль.

Калі Тайлер прыдумаў праект ”Вэрхал”, ён сказаў, што мэты праекта не тычацца пабочных асобаў. І пляваць ён хацеў, што хтосьці можа пацярпець. Галоўнае – навучыць удзельнікаў праекта, што яны здольныя кантраляваць хаду гісторыі. Кожны з нас здольны узяць свет у свае рукі.
Тайлер прыдумаў праект ”Вэрхал” на БК.

Аднойчы на БК я біўся з новенькім. У тую суботу хлопец з тварам анёла упершыню прыйшоў на БК, і я выклікаў яго на бой. Такое правіла. Новенькія б’юцца абавязкова. Я гэта ведаў, таму і выбраў яго. Бо бессань вярнулася зноў, і мне хацелася разбурыць нешта прыгожае.

З таго часу, як раны на твары перасталі загойвацца, мне пляваць, што хто скажа пра мой знешні выгляд. На працы бос пытае, чым гэта я ўвесь час займаюся, што дзірка ў мяне ў шчацэ ніяк не загаіцца. Калі я п’ю каву, адказваю, я затыкаю яе двума пальцамі – каб не працякала.

Калі робіш удушлівы захоп, паветра ахвяры застаецца роўна столькі, каб не страціць прытомнасць. У той вечар я накінуўся на гэтага навака і жаваў яго касцяшкамі кулакоў, як карэннымі зубамі, а пасля, раздзершы касцяшкі аб ягоныя зубы, што павытыркаліся скрозь вусны, я сціснуў кулакі мацней і малаціў яго тыльным бокам, пакуль ён не вырубіўся і не зваліўся на падлогу бясформеннай кучай мяса.

Тайлер сказаў мне пасля, што ніколі яшчэ не бачыў, каб я так грунтоўна нешта разбураў. Менавіта тады Тайлер зразумеў, што трэба нешта рабіць з БК: або ўзняць яго на новы ўзровень, або зачыніць зусім.

За сняданкам на заўтра Тайлер сказаў:
– Ты быў падобны да маньяка, да сапраўднага псіхапата. Якая муха цябе ўцяла?

Я сказаў, мне было хрэнова, я адчуваў сябе такім заціснутым. Мне абсалютна не ўставіла. Мабыць, я ўцягнуўся. З часам да бойкі прызвычайваешся, і тады, відаць, час пераходзіць на нешта мацнейшае.

Менавіта той раніцай Тайлер і прыдумаў праект ”Вэрхал”.
Ён спытаў, з чым я біўся на самой справе?

Я адчуваў сябе, як кажа Тайлер, кучкай гаўна і рабом гісторыі. Мне хацелася знішчыць усю прыгажосць, якой мне ніколі не завалодаць. Спаліць трапічныя лясы Амазонкі. Напампаваць атмасферу хлорфторвугляродам, каб разбурыць азонавы слой. Адкруціць зліўныя краны на супертанкерах і адкаркаваць прыбярэжныя нафтавыя свідравіны, каб знішчыць усю рыбу, якой мне ніколі не пакаштаваць, і знішчыць пляжы Францыі, на якіх мне ніколі не пабываць.
Мне хацелася, каб увесь свет сягнуў на дно.

Малоцячы гэтага хлапца, я хацеў застрэліць кожную панду, што не хоча трахацца дзеля захавання свайго рэдкага віду, кожнага кіта і дэльфіна, што выкідаюцца на марскі бераг.

Не думай, што гэта выміранне. Назавем гэта – скарачэннем штату.

Тысячагоддзямі людзі загаджвалі, засмечвалі і засіралі гэтую планету, і цяпер гісторыя патрабуе, каб я за ўсімі прыбраў. Каб я вымыў і здаў бутэлькі. І адказаў за кожную кроплю адпрацаванай маторнай алівы.

Я павінен расплаціцца за адкіды атамнай прамысловасці, закапаныя цыстэрны з палівам і захаваныя яшчэ ў часы маіх дзядоў таксічныя адкіды.
Я трымаў галаву містэра анёла, як немаўля ці футбольны мяч, агарнуўшы рукой, і дзяўбёжыў яго касцяшкамі кулакоў, дзяўбёжыў, пакуль аскепкі ягоных зубоў не пачалі вытыркацца скрозь вусны. Дзяўбёжыў затым лакцямі, пакуль ён не вырубіўся і не зваліўся да маіх ног бясформеннай кучай мяса. Пакуль скура ў яго на скулах не зрабілася тонкай і чорнай.

Мне хацелася дыхаць дымам.
Птушкі і алені – бессэнсоўная раскоша. І рыбу ўсю таксама трэба пераглушыць.

Мне хацелася спаліць Луўр. Я б з радасцю разхярачыў кувадлай мармуры Парфенона і падцёр дупу “Монай Лізай”. Цяпер гэта мой свет.
Гэта мой свет, мой, і ўсе гэтыя старажытныя людзі мёртвыя канчаткова.

Той раніцай, за сняданкам, Тайлер і прыдумаў праект ”Вэрхал”.
Мы хацелі сцерці гісторыю з твару зямлі.

Мы снедалі ў доме на Пэйпэр-стрыт, і Тайлер сказаў, уяві сабе, як ты вырошчваеш рэдзькаўку і саджаеш бульбу на пятнаццатай лунцы зарослага травой, закінутага поля для гольфа.

Мы будзем паляваць на ласёў у вільготных каньённых лясах побач з Ракфелераўскім цэнтрам, збіраць малюскаў недалёк ад нахіленага на сорак пяць градусаў каркасу Спэйс Нідл. Мы намалюем на хмарачосах абліччы татэмаў і міфічных багоў і штовечар рэшткі чалавецтва будуць збягацца ў пустыя заапаркі і замыкацца ў клетках, каб абараніцца ад медзвядзёў, ільвоў, тыграў і ваўкоў, якія будуць разгульваць побач па той бок кратаў, пільнуючы нас.
– Перапрацоўка адкідаў і абмежаванне хуткасці – поўная чухня, – кажа Тайлер. – Гэта ўсё адно, што кідаць курыць за дзень да смерці.

Мэта праекта ”Вэрхал” – выратаванне свету. Культурны ледавіковы пэрыяд. Заўчаснае сярэднявечча. Праект ”Вэрхал” увядзе чалавецтва ў спячку або аслабіць яго на дастатковы час, каб Зямля здолела ўзнавіцца.

– Узаконеная анархія, – кажа Тайлер. – Ну, ты разумееш.

Мэтай БК было расплюшчыць вочы клеркам і кур’ерам, а мэта праекта ”Вэрхал” – разбурыць цывілізацыю. Мы можам зрабіць гэты свет лепшым.

– Уяві лася, – кажа Тайлер, – што крочыць паўз вітрыны ўнівермагаў, паўз смярдзючыя рэшткі згнілых прыгожых сукенак і смокінгаў на вешалках. А нам застанецца да канца жыцця хадзіць у скураным адзенні і караскацца па сцяблінах ліянаў, таўшчынёй з руку, абвітых вакол ”Sears Tower”. Як у той казцы, “Джэк і бабовае дрэва”, ты караскаешся па-над вільготным лесам, і паветра такое чыстае, што можна разгледзець маленькія фігуркі, якія малоцяць збожжа і сушаць кавалкі аляніны на закінутай васьміпалоснай аўтастрадзе, што цягнецца на тысячы міляў пад скварам жнівеньскага сонца.

Вось гэта і ёсць мэта праекта ”Вэрхал”, казаў Тайлер. Поўнае і неадкладнае знішчэнне цывілізацыі.
А які будзе наступны крок праекта ”Вэрхал”, не ведае ніхто, акрамя Тайлера. Бо другое правіла – ніякіх пытанняў.

– І ніякіх куляў, – сказаў Тайлер “разбойнікам”. – Не хвалюйцеся – вам яшчэ давядзецца забіваць.

Падпал. Разбой. Бунт і дэзінфармацыя.
Ніякіх пытанняў. Ніякіх пытанняў. Ніякіх “не” і ніякай хлусні.
І пятае правіла праекта ”Вэрхал” – Тайлер заўжды мае рацыю.