Што робіш, паэт, на руінах
Сабора святога Яна
У цёплы вясновы дзень?
Пра што ты думаеш тут,
Дзе вецер нясе ад Віслы
Пыл чырвонае крушні?
Ты кляўся не быць ніколі
Плакальніцай жалобнай.
Ты кляўся не дакранацца
Да ранаў свайго народу,
Каб іх не зрабіць святыняй
Праклятаю – насланнём
Тваіх далёкіх нашчадкаў.
Ды гэта плач Антыгоны,
Што не знаходзіць брата,
Ды гэта звыш чалавечай
Меры. Сэрца – як камень,
Дзе жамярыцай замкнулі
Зерне цёмнай любові
Да самай няшчаснай зямлі.
Ці так я хацеў кахаць,
Ці пра гэтае марыў?
Ці так я хацеў шкадаваць,
Ці пра гэтае марыў?
Маё пяро мне здаецца
Лягчэйшым за пёры калібры.
Мне гэткі цяжар не пад сілу.
Як жыць у гэтай краіне,
Дзе наступаеш на косткі
Непахаваных блізкіх?
Галасы чую, бачу ўсмешкі.
Як пісаць мне? Пяцёра рук
Хапаюць маё пяро
І кажуць пісаць гісторыю
Іхніх жыцця і смерці.
Ці плакальніцай жалобнай
Мне стацца наканавана?
Не, пяяцьму людскія святы,
Залатыя гаі, да якіх
Мяне клікаў Шэкспір. Пакіньце
Хвілю радасці для паэтаў,
Бо інакш загіне ваш свет.
Вар’яцтва жыць без усмешкі
І паўтараць два словы,
Звяртаючыся да мёртвых,
Да вас, чыім лёсам
Мусіла быць весялосць
Думак, пачуццяў, песень, бяседаў.
Два ўратаваныя словы:
Праўда і справядлівасць.
Кракаў, 1945