Чуць

penbelarus.org · Ганна Комар - Чуць

Калі ты са мной гаворыш,
я хацела б чуць
толькі тое, 
што ты кажаш.

Не адзяваць яго
ў гарнітур
мамы і таты,
не афарбоўваць
дзяцінствам,
не аздабляць 
досведам.

Не перагортваць 
пасярэдзіне сказа,
не выключаць
на паўзе.

Не тыкаць 
у соплі,
не зліваць 
ва ўнітаз,
не зграбаць 
у купу,
не паліць 
над газам.

Не пераязджаць 
грузавіком.
Не цягнуць 
мордай па асфальце.

Не здагадвацца,
не ўгадваць,
не ведаць.

Слухаць
і чуць толькі
тое, што 
ты кажаш.