Даня няўцешна плача,
у Дані рэжуцца зубы,
праразаюцца словы —
рэдукцыя ненаціскных
малочных.
Арганізатар
масавага непарадку —
зжаваў у фаршмак Сартра,
намацаў костачкі слоў.
Гульня ў “Макулатуру”.
Мамай смяецца, татай
яршыцца. Маленькі мімік
сёння змяшчае ў заўтра,
учора ў пазаўчора —
часовыя пірамідкі
шчасця…