Даўмонт

penbelarus.org · Алесь Емяльянаў-Шыловіч - Даўмонт

Айчыны чыстае імя
Заўсёдна ў снах маіх пануе.
Краіна любая мая,
Паўсюль, паўсюль твой голас чую.

Вядома ўсім – ня можа жыць
У нерадзімай глебе дрэва,
І сэрца жаўруком ляціць
Туды, дзе край бацькоўскі, Крэва.

Дзе мілы сэрцу кожны гук,
Дзе некалі страчаў сьвітаньне
І браў з тваіх пяшчотных рук
Часьцінку першага каханьня.

Часіна тая адплыла
У незваротнае імгненьне.
Я быў у ім і ты была,
А зараз –
Два ледзь бачных цені,

Што без прытулку, уначы
Лунаюць там за даляглядам.
Мой немы – ў шале твой крычыць.
Маўчы, маўчы, маўчы, маўчы!
Але ж увушшу крумкачы
Ракочуць:”Здрада, здрада, здрада!”

Па сьценах пскоўскага Крамля
Прамень сьлізгае прадсьвітальны.
Ці ўбачу, родная зямля,
Яшчэ я Зьніч твой ратавальны?