Дэор

penbelarus.org · Дэор (пер. са стараангельскай Ігар Кулікоў)

Вэланд між зьмеяў зь ліхам спазнаўся
муж станавіты трываў пакуты
нярэдка выгнанцу туга ды гора
зімой марознай вярэдзілі сэрца
з тых пор як Нітхад путы гнуткія
наклаў сухажыльлі на лепшага мужа.
Тое мінулася мінецца й гэта!

Бэадохілдзе большай болесьцю стала
горам на сэрцы ня гібель брацьцяў
а цяжар ва ўлоньні што ледзь прыкметны
ў сабе распазнала ды змогі ня стала
жанчыне няўцешнай дзіцяці пазбыцца.
Тое мінулася мінецца й гэта!

Чулі многія з нас пра Мэдхілду
як стала бяздоннай страсьць Ґэатава
сон адабрала любоў-гарота.
Тое мінулася мінецца й гэта!

Тэодрік правіў трыццаць зімаў
местам мэрынґаў многім гэта вядома.
Тое мінулася мінецца й гэта!

Чулі мы з роспытаў пра Эорманрыкаў
розум ваўчыны правіў народам
ґоцкай дзяржавы. Жорсткі быў праўца!
Многія грыдзі агорнуты смуткам
прадбачалі беды аб бітве марылі
каб згінула згінам ягонае панства.
Тое мінулася мінецца й гэта!

Сядзіць гаротнік пазбыты радасьці
духам азмрочаны у думах жалобны
аж краю ня відна навале нягодаў
мысьліць аб тым ён што мудрага Бога
воля на сьвеце няведама сьмертным
многім мужом ён міласьць даруе
істую славу іншым жа горасьць.

Ніня ж аб лёсе раскажу я ўласным
некалі быў я ў хэодэнінґаў баем
Дэорам зваўся уладараў улюбёнец.
Доўгія зімы добра служыў я
пану прыхільнаму покуль Хэоррэнда
муж песьняўмелы зямлю не адзержаў
што заступца раці раней падарыў мне.
Тое мінулася, мінецца й гэта!

пераклад са стараангельскай