Доктар Вергілій

penbelarus.by · Даша Бялькевіч - Доктар Вергілій

Я прыйшла да доктара,
Яго звалі Вергілій,
Ён прапісаў мне таблеткі ад алергіі
І сказаў:
“Што б вы там у паэзіі не рабілі
Вашым імем
Не назавуць разору на планете Плутон,
Ні лакальныя авіялініі,
Ні вуліцу ў Бразіліі.
Лікамі вашымі не раcпішуць сцены…

Вы ж не комікі!
Не пішыце буколікаў да колікаў!

Хопіць рыфмаваць,
Хопіць рыфмаваць,
Хопіць рыфмаваць!

Аўтары жывыя, а Паэзія памерла,
Ляжыць у крыштальнай труне
На гары Гаверла.
Кожны дзень да яе прыходзяць людзі,
Якія лічаць сябе паэтамі.
Чарга такая, як да вулкана Фудзі.
Яны цалуюць яе шчокі, рукі і вусны.
А Паэзія ўсё не прачынаецца.

Наведвальнікі прыносяць дары:
На, Паэзія, забірай, бяры!
Толькі самі як былі, так і застаюцца
Бяздарнасцямі.
Госці нават чытаюць ёй услых,
І кожны тэкст – гэта новы цвік,
І не ў труну, а ў цела.
Захацеў Вергілій абудзіць памерлую,
Закаціў на гару поўную бочку і – пір.
На бочцы чытаўся надпіс “Veritas”.
Вера ў нас была слабая, але ўсе крычалі:
“Лі, Вергілій, лі!”
Я падумала: а можа, ён азіят?
Над вухам пачуўся адборны мат…
І Вергілій ліў у труну ісціну.
Ісціна вяртала Паэзію да жыцця.
Прачнуўшыся ад забыцця,
Паэзія крыкнула:
“Вы ўсе не паэты, вы ўсе лайно,
Пейце самі сваё віно!”
Паэты ў той момант крыху перапілі,
І Паэзію разам з Вергіліем
У ісціне ўтапілі.
Не заўжды ўваскрэсенне бывае карысным
“Во веки веков, и ныне, и присно…”

Я прачнулася ў халодным поце,
Рука зацякла, суха ў роце.
Цішыня. Пах земляны і сунічны…
Якое шчасце, што гэта быў сон,
Шкада, што летаргічны.