Дом на гары

penbelarus.org · Глеб Лабадзенка - Дом на гары

дом на гары
яркім вагнём дагарыць
ловіць праменьне ўмела
і прыкладае да цела
заўтра ў тры
я адлятаю ў Парыж
каб пазваніць табе
і запытаць:
што ты хацела?
можа, кавалак Манмартру
а можа, ад Вульля трубу
сьвежыя булачкі, каву
і цёплы пірог з марцыпанам
мяккае крэсла
дзе кожная ножка – бамбук
сьпеўную мову
дзе кожны зваротак – каханы
яркім вагнём дагарыць
мой шпацыр па бульвары
Асман
вочы заплюшчы, расплюшчы –
і вось пачынаецца казка
я абдыму твае плечы
раскрыю стары чамадан
зьдзівісься ты
а я проста
скажу:
калі ласка