Дзень, калі ты накрыеш маю руку

penbelarus.org · Стась Крапаў - Дзень, калі ты накрыеш маю руку

Дзень, калі ты накрыеш маю руку
Сваёй, пачуўшы выдах, але не ўдых
І птушкі сарвуцца ў бездань з галін рудых,
Я першым днём усяго, што ёсць нараку.
Усё толькі тады, я верую, рушыць далей.
І Лета, замерзлая, зноў пацячэ. Яшчэ
Бурштын праліецца на плечы твае як алей
І срэбра як ртуць паміж пальцаў тваіх сцячэ.
І сто паравін за секунду мінуць тады
І будуць нарэшце адпушчаны ўсе вятры
І выпадуць усе дажджы за усе гады,
Якія я доўга насіў у сябе ўнутры.