Джакама Леапардзі. Бясконцасць

penbelarus.org · Джакама Леапардзі - Бясконцасць (пер. Ігар Кулікоў)

Заўсёды мілы быў мне гэты ўзгор пустынны
і гэты жываплот, што столькі далягляду
закрыўшы, адымае яго ў зору.
Ды, седзячы і гледзячы туды, прасторы
бясконцыя за кругавідам і маўкноту
звышчалавечую і цішак найглыбокі
я ў думках уяўляю, ажно ў страху
ледзь-ледзь не замірае сэрца. І, калі я
пачую шамаценьне ветру ў дрэвах,
я гэты шум з той несканчонай моўчай
раўную: й мне прыгадваецца вечнасьць
і тыя поры году, што памерлі,
і сёньняшняя, гучная, жывая.
Так у бязьмер’е нікнуць мае думкі,
і соладка тануць мне ў гэтым моры.

пераклад з італьянскай