Дзве Евы

penbelarus.org · Вальжына Морт - Дзве Евы

Марыя Пятроўна,
Вашыя косы пракладзеныя,
як рэльсы праз грудзі.

Па гэтых косах едуць цягнікі.
Ваш унук грае скрыпічны канцэрт  
кішэнным ножыкам
на цягніковым вакне.

За вакном – вечначырвоныя сосны.
Цягнік яму кажа:
яшчэяшчэяшчэяшчэ.

Марыя Пятроўна,
рот на шырыні плячэй!

Марыя Пятроўна,
гэта косы ці чорных шынаў сляды?

Марыя Пятроўна пячэ шэры хлеб.

Месячнае рабро
лягло на кухонны стол.

Зляпіце сабе, Марыя Пятроўна,
маленькую Еву,
Вам на радасць,
курам на смех.