старая страціла розум. яе стары
хутка губляе зрок. і слых. на ўсё навакольле
па тэлефоне намякае на рознае. нумары
з большага выпадковыя.
зрэдку дазвоньваецца дачцэ. дачка
зрываецца з працы, прылятае ў вёску,
прыбіраецца ў хаце, просіць яшчэ пачакаць.
болей нічога ня просіць.
гатуе старому. ўздыхае. кладзецца спаць,
ёй падоўгу ня сьпіцца. такое гора:
усё-такі ж маці.
ранкам моўчкі з’язджае ў горад.
старая бачыць сябе маладой. пазнае
старога, дачку, вядоўцу з тэлепраграмы..
дзіўна глядзіць на ўнукаў. яны на яе
таксама.
старасьць ня лечыцца. кажа сваяк,
урач абласной бальніцы.
ён, улічваючы гэты факт,
браць на сябе адказнасьць баіцца.
увечары дзьверы замкнёныя на ключы.
стары чытае ўслых, пераказвае байкі.
радыё па начах маўчыць. увогуле ўсё маўчыць,
акрамя сабакі.