Гадаваная жнівеньскай ноччу

penbelarus.org · Алесь Емяльянаў-Шыловіч - Гадаваная жнівеньскай ноччу

І вечнасьць у тваіх вачох,
і невычэрпная самота,
і вохры восеньскай агонь.
Па цьмяных жнівеньскіх начох
душа у пошуках пяшчоты
блукае і лістом каштану
табе кладзецца на далонь;

і неспазнанага яшчэ
не адчувае набліжэньне –
спакусы сарамлівы страх
па жылах, нібы ртуць, цячэ,
а мы, два прывіды, два цені –
на покліч соннага аргану –
ляцім бяз прыкрых апранах.

І бразгат медных ланцугоў;
я чую, як па круглым пляцы
абцасы цяжка грукацяць,
і зграі шэрых пацукоў
пад намі ў цемры мітусяцца,
і нашы целы апантана
грызуць і соладка вішчаць.

…у нашу першую сустрэчу
абраў я без ваганьняў вечнасьць…