Гага Нахуцрышвілі. Зімовы веер

penbelarus.org · Гага Нахуцрышвілі. Зімовы веер (пер. В. Рыжкоў)

Нават калі б хаваць грахі не было ў манэрах,
ты ўсё адно хавалася б за свой зімовы веер,
казала б: пакінем веру і рай у спакоі,
давайце ўспрымаць жыцьцё як такое.

Нават калі б усе драмы і жарсьці зьніклі аднойчы,
мы ўсё роўна пабеглі б гуляць пад дажджом уночы,
усё роўна водар ападкаў хацелі б займець і
ўсё роўна глядзелі б у твары жыцьця і сьмерці.

Нават калі б легенд і паданьняў не існавала б у прынцыпе,
мы адшукалі б месца абсурднай казцы з прынцамі,
што прыгажунь ратавалі б зь вязьніцаў
і ўпрыгожвалі б космас шматкаляровымі ніцямі.

Нават калі б не было зімы і холаду лютага,
мы ўсё адно п’янелі б ад сьнегу бялюткага
і жылі б мы, каб некалі пастарэць, і
нямая магіла б нам сьпявала аб сьмерці.

Нават калі б хаваць грахі не было ў манэрах,
ты ўсё адно хавалася б за свой зімовы веер,
мела б прычыны быць вельмі самотнай і лёгка
абрала б лепей памерці, чым быць адзінокай.