Гасцініца “Бельгія” (фрагмент)

penbelarus.org · Ганна Севярынец - Гасцініца “Бельгія” (фрагмент)

Увесну Чарот выехаў на вёску.

За вялікім калгасным полем цягнулася палоска няўдобіцы — звычайны аднаасобны шнурок. Па палосцы цягнуўся худы стомлены конь, за ім ішоў гаспадар — каржакаваты, сутулы, зусім ужо стары, але яшчэ моцны. Дамок, пунька і адрына ўтваралі невялікі хутар, да якога ад самой Крушынаўкі трэба было дайсці праз голы, хвосткі хмызняк.

Але ўжо за хмызняком ён зразумеў, што не ён першы дабраўся да хутара. Ля плота сумна азіраўся невялікі, але сытаваты конік, на драбінах кінуты былі шынялі, і па невытлумачальных, але дакладных прыкметах Чарот зразумеў, што ў хаце людзі па калгасным пытанні.

Дзверы роспачна расчынены, і Чарот пераступае нізенькія сенцы ў адзін крок.

І ў гэтае самае імгненне спыняецца ў нечаканым здзіўленні: праз вялікі пакой проста на яго ляціць раз’юшаны чалавек з рэвальверам.

— Я ёй зараз, ё… яе маць, пакажу бульбу! Да сценкі суку, разам з сучанятамі ейнымі!

Чарот упіраецца рукой у грудзі чалавека:

— Стой, таварыш. Паспееш. Што здарылася?

— Што здарылася?! — пырскае слінай чалавек з рэвальверам. — Ты паглядзі, таварыш, якой бульбы наварыла нам! Яна ж атруціць уздумала нас! Кулачка, сучына доч!

Чарот падыходзіць да стала, на якім дыміцца свежазвараная бульба. Уся — ярка-ружовага колеру.

Ён бярэ адну бульбіну, уважліва разглядае, крыху шкрабае пазногцем і кладзе ў рот.

 — М-м-м-м… Чысты крухмал. Добрая бульба, хаця і леташняя. А што ружовая, дык тое дзяўчаты, пэўна, у чыгунку ўчора сукенкі фарбавалі. Анілін. У нас у Рудзенску палова лявоніхі ўвосень ружовая скача. А ну-ка, хто тут нявеста ў хаце?

За шырмаю шушуканне: пэўна, там хаваецца і тая, каму страшна карцела займець новую сукенку. Нарэшце, выходзіць малая, год, мо, пяць.

— Дзядзя, паглядзі, якія ў мяне боцікі… У мяне — боцікі, у Тані — сукенка.

Боцікі сапраўды шыкоўныя, шытыя вясковым шаўцом. Адзін сіні, другі зялёны.

— Цябе як клікаць?

— Маруся.

— Прыгожыя ў цябе боцікі. А што ж розныя?

— А ў шаўца астача толькі такая была. З іншых ботаў, з чужых.

— А нашто яны табе? Мо, басанож лацвей?

— Няможна басанож. Татка сказаў, мы сабе зарабляем, трэба, каб боцікі.

Ля печы стаіць, ухапіўшыся за шворан, гаспадыня, нізенькая, але крэпкая жанчына.

Чарот уздыхае.

— Не пойдзем мы ў калгас, — раптам цвёрда кажа яна. — Гэты прайдзісвет раз на тыдзень да нас прыязджае. На што вока кладзе? На каня? На тры куры? На шнур наш? Падаткам абклалі. Думаюць, што адужаюць нас. Мы сплоцім падатак. І дзеці ў нас будуць у ботах і ў сукенках. Мы не пойдзем у калгас.

— Ясна, — шумна ўздыхае Чарот. — Што ж, запрасіце тады да стала хаця. Здарожыўся я, трохі пад’еў бы.

Да ружовай бульбы дастае гаспадыня салёных агуркоў.

— Заві й дзяўчат.

— Снедалі ўжо. Няма чаго балавацца, па два разы за ранак да стала прысядаць.

— Строга ў вас.

— А як не строга? Пяцёра ў хаце, гаспадарка, шчэ падатак. Канешне, строга. То не ў горадзе вашым, дзе ядуць, як не хочуць, і скачуць, як не весяляцца.

— Дык цяжка жывяце?

— А то лёгка.

— Дык чаму ж тады ўпёрліся супраць калгаса? То ж палёгка выйдзе табе. Трактары на зямлю прыйдуць, спецыялістыя. Агулам прасцей, ну зразумей жа ты. Матэматычна падлічы.

— Мне твая матэматыка не трэба. У мяне свая матэматыка, — строга кажа гаспадыня, узмахнуўшы рукой да абразоў у куце. — Сказана ў Пісанні, што д’ябал з калгасамі прыйдзе.

— Так і сказана?

— Так і сказана, — цвёрда кажа жанчына.

У Рагачоў едуць ужо разам. Прахалодна, але калі забіцца глыбей у сена — можна ўнурыцца ў думкі, забыўшыся на вецер.

— Нельга так, Жэнька, з рэвальверамі на людзей кідацца. Старшыня гэты — ну яму толькі волю дай, ён і курэй, і парасят, і жанок абагульніць. Такіх у шэнкелях трымаць трэба. /…/ А то абагульнялі адных. Гаспадар ужо заяву напісаў у калгас, прыехалі з падводамі, маёмасць выносяць, баба стаіць. Маўчыць. Усё дабро складаем на вазы. Маўчыць. Каня павялі. А як з хлява плуг панеслі — баба моўчкі ўчапілася за плуг і цягне на сябе. Страшна, разумееш, глядзець. «Дура баба, — кажам ёй, — каня ж твайго забралі ўжо, нашто плуг табе?» — «А конь, кажа, пастаіць-пастаіць, ды дамоў прыйдзе. А плуг не прыйдзе. Шукай яго потым па чужых хлявах».