На змярканні ў сад выходзіць
Юная дачка алькальда.
Зыкі трубаў і літаўраў
Гучна льюцца з вокнаў замка.
“Надакучылі мне танцы
І ліслівыя прызнанні
Рыцараў, якія з сонцам
Дзень пры дні мяне раўняюць.
Стала мне зусім нясцерпна,
Як пад месяцам з’явіўся
Рыцар з лютняй, што начамі
Вабіла мяне да вокнаў.
Ён стаяў, высокі, мужны,
Вочы зоркамі блішчалі,
Тварам бледным і шляхетным
Быў ён як Святы Георгій”.
Так задумаўшыся, Клара
Апусціла позірк долу.
Раптам бачыць: перад ёю
Зноў той рыцар незнаёмы.
Рукі сплёўшы, крочаць сцежкай
І нашэптваюць прызнанні.
Іх Зефір пяшчотна лашчыць,
Казачна вітаюць ружы.
Казачна вітаюць ружы
І палаюць ад мілосці.
“О каханая, скажы мне:
Ад чаго ты чырванееш?”
“Камары скусалі, любы,
Люта іх я ненавіджу,
Для мяне яны — нібыта
Даўганосыя габрэі”.
“Што нам камары, габрэі”, —
Кажа рыцар, поўны ласкі.
Ціха з міндаля злятаюць
Тысячы пялёсткаў белых.
Тысячы пялёсткаў белых
Поўняць водарам паветра.
“О каханая, скажы мне:
Ты ўсім сэрцам мне належыш?”
“Я навек твая, каханы,
Ў тым Збавіцелем клянуся,
Што забіты быў калісьці
Подлым племенем габрэяў”.
“Што Збавіцель, што габрэі”, —
Кажа рыцар, поўны ласкі.
Светлым німбам ззяюць чыста
Белыя лілеі ў цемры.
Белыя лілеі ў цемры
Ў неба цягнуцца да зораў.
“О, каханая, скажы мне:
Ці ты шчыра мне клялася?”
“Ува мне няма падману,
Бо ў маіх грудзях ні кроплі
Ад крыві ліхога маўра
Ці нячыстага габрэя.
“Што нам маўры і габрэі”, —
Кажа рыцар, поўны ласкі,
І пад міртавыя шаты
Ён праводзіць донну Клару.
Сеткамі свае любові
Апавіў яе таемна.
Меней словаў, болей жарсці
У бясконцых пацалунках.
Салаўіны райскі пошчак
Ім гучыць вясельным гімнам.
Светлякі свае паходні
Запалілі ў зыркім танцы.
У лістоце стала ціха,
Толькі чутна, як употай
Перашэптваюцца мірты
І трымцяць цнатліва кветкі.
Раптам трубы і літаўры
Загучалі з вокнаў замка,
І збянтэжаная Клара
Вызваляецца з абдымкаў.
“Мушу я ісці, каханы,
Але ж ты перад расстаннем
Назаві імя сваё мне,
Тое, што хаваў так доўга”.
Рыцар весела смяецца,
І цалуе донне пальцы,
І цалуе лоб і вусны,
І нарэшце прамаўляе:
“Я, сеньёра, ваш каханы, —
Сын праслаўленага бацькі:
Рабі слаўнага між слаўных
Ізраэля з Сарагосы”.
пераклад з нямецкай