Генрых Гайнэ. Два змагары

penbelarus.org · Генрых Гайнэ. Два змагары (пер. І. Крэбс)

Бадзягінскi ды Замляўскі —
Два шляхетныя паны.
З тыраніяй маскавітаў
Мужна біліся яны.

Мужна біліся й шчасліва
Пераехалі ў Парыж:
Не памерці за Радзiму —
Ох і цяжкі гэты крыж!

Рыхтык як Ахіл з Патроклам,
Як Давiд ды Ёнатан,
Сябравалі два палякі,
Цалаваліся: “Мой пан!”

Заставаліся сябрамі
Шчыра, верна, да труны,
Бо былі абодва з Польшчы,
Два шляхетныя паны.

У адным жылі пакоі,
У адным ляжалі ложку
І адну, у поўнай згодзе,
Наўзахваткі скрэблі вошку.

У адзін шынок хадзілі,
Там сябе трымалі годна:
Сорам пазычаць у сябра —
Вось і не плаціў ніводны.

Раз на месяц да абодвух
Генрыета зазірала
І са спевам бесклапотным
Брала прання ў іх нямала.

Кожны ж меў па дзве кашулі
І яшчэ адны штаны,
Бо былі абодва з Польшчы,
Два шляхетныя паны.

Сёння селі ля каміна,
Дзе агеньчыкаў блуканне.
Звонку — ноч, і завіруха,
І фіякраў грукатанне.

З велізарных кубкаў пуншу
(Моцнага, як мае быць:
Без вады, лімону й цукру)
Ўжо паспелі прыгубіць.

І тады ў самотным сэрцы
Невыцерпны боль ажыў.
Са слязой высакароднай
Бадзягінскі затужыў:

“Як далёка ад Парыжа
Мой шлафрок з мядзведжай шубай
І каўпак, з ката пашыты,
Што згубіў у Польшчы любай!”

А ў адказ яму Замляўскі:
“Сябра, ў цяжкую гадзіну
Не забыўся ты на шубу
І няшчасную Айчыну.

Ешчэ Польска не згiнэла,
Бабы родзяць дужых вояў,
Тое ж робяць нашы дзеўкі,
Краю дорачы герояў,

Змагароў, як пан Сабескі,
Як Шальмоўскі ды Умінскі,
Махлярэвіч, Падлюгінскі
І шаноўны пан Аслінскi”.

пераклад з нямецкай