Генрых Гайнэ. Кароль Рычард

penbelarus.org · Генрых Гайнэ. Кароль Рычард (пер. І. Крэбс)

Праз лес і глуш, праз дол і лог
Нястрымны рыцар скача.
Пяе і смяецца, дзьме ў свой рог
І рады сваёй удачы.

І латы, і дух яго – стойкі метал –
Не страчаныя ў паняверцы.
Нязломнага рыцарства ён ідэал,
Ён – Рычард Ільвінае Сэрца.

– З вяртаннем, кароль! – шэпча яму
Галінкамі бор зялёны, –
Я рады, што ты пакінуў турму,
З аўстрыйскага выйшаў палону.

Кароль прыпомніў турэмны пах
І волю ўдыхае бадзёра,
Ён адчувае сябе нібы птах,
Свайму скакуну даўшы шпоры.

пераклад з нямецкай