Генрых Гайнэ. Рампсеніт

penbelarus.org · Генрых Гайнэ. Рампсеніт (пер. І. Крэбс)

Фараона Рампсеніта
Ў залатой раскошнай залі
І дачка, і ўсе служанкі
Гучным смехам сустракалі.

Еўнухаў аж калаціла,
Рогат паўтарала рэха.
Нават муміі і сфінксы
Ціха трэсліся ад смеху.

Тут дачка сказала: ледзьве
Не папаўся злодзей юны –
Ён мне мёртвую руку
Узамен сваёй падсунуў.

Зразумела я, як злодзей,
Майстар рабаўнічай працы,
Змог насуперак замкам
Ноччу ў скарбніцу прабрацца.

Мае ён чароўны ключык,
Ім любыя дзверы лоўка
Адчыняе – не паможа
Ні зашчэпка, ні засоўка.

Я не дзверы, не вароты,
І замок мой не трывалы,
І, пакуль была на варце,
Я свой скарб не захавала.

Так прамовіла прынцэса,
Не шкадуючы пра страту ,
І ад смеху зноў зайшліся
Пакаёўкі і кастраты.

Цэлы дзень смяяўся Мемфіс,
Рагаталі кракадзілы,
Павысоўваўшы галовы
З хваляў глеістага Ніла.

Вестуны натоўп сабралі –
Люд пацешыць паспаліты
Гучным боем барабанаў
І зваротам Рампсеніта:

Божай ласкай фараон,
Што ўладарыць над Егіптам,
Шле народу прывітанне
Згодна з дадзеным рэскрыптам.

Восьмага красавіка
Ў годзе тысяча сто сёмым
Да Хрыстова нараджэння
Спосабам нам невядомым

Залаты запас наш царскі
Быў наведаны з налётам.
Злодзей свой рабунак дзёрзкі
Паўтараў не раз і потым.

Мы сваю дачку паклалі
Спаць ля скарба. На няшчасце
Змог нахабнік той таксама
І яе каштоўнасць скрасці.

Каб рабункі папярэдзіць,
Мы даводзім без падману
Злодзею сваю прыязнасць,
Ухваленне і пашану.

Даць у жонкі прайдзісвету
Мы сваю дачку жадаем,
Каб ён з часам пераняў
Кіраўніцтва нашым краем.

А паколькі нам дагэтуль
Невядомы адрас зяця,
Мы рэскрыптам гарантуем
Зяцю літасць і багацце.

Да Хрыстова нараджэння
Ў тысяча сто сёмым годзе.
Подпіс: Rhampsenitus Rex,
Зачытана пры народзе.

Слова фараон стрымаў,
Мужам стаўся нарачоны,
А па смерці Рампсеніта
Злодзей атрымаў карону.

Кажуць, што яго з любоўю
Бацькам звалі егіпцяне,
Нават кажуць, меней кралі
Пры ягоным кіраванні.

пераклад з нямецкай