Генрых Гайнэ. Сасніў я тыпа…

penbelarus.org · Генрых Гайнэ. Сасніў я тыпа... (пер. І. Крэбс)

Сасніў я тыпа — дробны, непрыемны,
Рашуча дыбаў браваю хадой,
Бялюткая кашуля, модны строй —
Нутро пад ім хаваў ён недарэмна:

Нутром быў варты жалю ды нікчэмны,
Але за прынцыпы стаяў гарой —
Па ўсім выходзіла, што ён герой:
Трымаўся горда, балбатаў ён кемна.

“Хто ён такі?” Я адказаць не мог.
Тады ўсміхнуўся мне тутэйшы бог —
І паплылі карціны ў крутаверці:

Ізноў той тып — ля алтара, аднак,
З маёй каханай… разам кажуць “Так!”
І ім стакроць гарлаюць “Амэн” чэрці.

пераклад з нямецкай