Генрых Гайнэ. У смутку, сэрца ў смутку…

penbelarus.org · Генрых Гайнэ. У смутку, сэрца ў смутку... (пер. І. Крэбс)

У смутку, сэрца ў смутку,
Хоць весела свеціць май.
Да ліпы я прыхінуўся,
Падняўшыся на Бастай.

Унізе няспешнаю плынню
Іскрыцца абводны роў.
Закінуўшы вуду, свішча
У чаўнаку рыбалоў.

На тым баку пастаральны
Раскінуўся далягляд:
Быкі, і хаціны, і людзі,
Палеткі, і лес, і сад.

Дзяўчаты мыюць бялізну,
Гучаць галасы наўкол.
Млын рассыпае пырскі —
Алмазаў дробны памол.

Старую шэрую вежу
Вартуе хлапец малады.
Ён у чырвоным мундзіры
Крочыць туды і сюды.

Гуляецца ён са стрэльбай
І цэліцца, як на вайне.
Няхай мне ў сэрца патрапіць,
Няхай застрэліць мяне.

пераклад з нямецкай