Гэта як засынаць…

penbelarus.org · Таццяна Нядбай - Гэта як засынаць...

гэта як засынаць, гледзячы тэлевізар
жыццё працягваецца, а ты саступіў на ўзбочыну
дзе ніхто не пытаецца ні квіткоў, ні візаў
але і няма каму зазірнуць у вочы

жыццё працягваецца
адплывае ў круіз на лайнеры
дзе дзёрзкія капітаны і паненкі прыгожыя
для цябе – толькі ціша, і гэта рай, не ра-
злічвай на большае, большага быць не можа

а жыццё працягваецца, стрэлкі гадзінніка, як каноэ
маўклівы індзеец час пераводзіць на іншы бераг
і з кожным уколам усё больш параноі
якую ты дзень за днём выплёхваеш на паперу

і прастытутка, якая пад ранак з гатэля
выходзіць,
мінае цябе,
хоць і любіла б цяпер за танна
туман паглынае масты, ліхтары і арэлі
запускаеш рукі ў кішэні – а там каштаны