Гнеў

Глухое прадонне падлогі –
над ім махаю мятлою,
матляю ілбом,
набрынялым, нібыта рогам,
адзінай упартай думкай – пусці на маю дарогу! –
але ня йду напралом.

Гнілыя галовы гневу,
і чорны вугаль, і сонца
пад сінім павекам неба.
Шапчу, уплятаючы ў крыкі
ціхіх стогнаў лагчыны,
маленняў храбты –
мне хіба шлях не адкрыты,
як гневу чужога ірты?
Вісяць запэцканыя лычы,
намаляваныя пэндзлем мятлы,
здольным сягнуць долу –
і ня вырвацца з рук.
На далонях маіх мазалі каляровыя,
я па скронях размазваю іх,
абціраючы пот,
абціраючы грукат
у скронях
гарачых.
Я крычу сабе – зараз! –
і стомаю ўздрыгваю – потым! –
гэты рух – паралюш,
і раз’юшаных твараў рып
скоча ў цела маё
па прагалах майго існавання:
я глытаю паветра –
і крыкаў асіплых лам’ё
апускаецца ў цела маё –
і знікае ў катле яго нетраў.
Я матляю мятлой па-над нечым сатлелым,
чорным вугалем, попелам, попелам белым,
над сатлелым святлом,
я ганяю паветра –
сіні холад кладзецца на лоб,
як на вока – павека…