Лістапад. Субота
Раз на месяц – гэта часта. Спаслацца на надвор’е. На занятасць. Няма грошай на маршрутку. Хварэю. Справы. Раз на месяц – нібыта я не дарослая жанчына, а студэнтка. Нібыта ў мяне няма свайго жыцця. Нібыта мяне ў сябе многа і толькі яны ў мяне адны.
Кастрычнік. Вакацыі
свабода – гэта глядзець
на халмы з мора,
хаваючы рукі ў рукавы
ад вятроў Шатландыі
Верасень. Тыдзень, другі, трэці, чацвёрты
“Я ўсё яшчэ цябе пабойваюся”…
Ты баішся не мяне.
Ты баішся таго пеўня, што дзюбнуў цябе за лытку ў бабулі на падворку. Ці таго сабаку, што цапнуў цябе за голую пятку, калі ты залазіў на суседскую грушу. У ва мне ты адчуваеш ярасць, што можа быць скарыстанай супраць цябе, калі ты найменей чакаеш гэтага. Таму што ты хочаш быць параненым. Хочаш заставацца пакрыўджаным. Хочаш, каб табе зноў і зноў нагадвалі пра боль, каторы ты не заслужыў, каб ты зноў і зноў мог помсціць за яго.
Жнівень. Канец
У часу мяне няма. Цябе ён таксама не атрымае. Я прачытала гэта ў тваёй постаці і хадзе. Я адчувала сябе ўпэўнена, проста ідучы побач. Мы маглі б быць як Боні і Клайд ці як Сід і Нэнсі. Маглі б застацца мастаком і паэткай, пра якіх не здымуць кіно, а выбралі стаць светлячкамі па дарозе да чорнай дзіркі.
Ліпень. Ноч
Я смактала тыя рэдкія ночы, бы лядзяш на трубачцы, і калі ад яго заставаліся адно фарба на языку ды трубачка, я высмоктвала апошнія крышталікі з трубачкі і жавала яе там, дзе не магла выцягнуць сок, спыняючыся толькі тады, калі ад яе пачыналі адвальвацца часцінкі пластмасы.
Калі мы два месяцы жылі разам, я і тады не магла прывыкнуць, што ў нас ёсць час, многа часу, што ледзяшоў было багата і можна было разжоўваць іх, а не смактаць.
Чэрвень. Час – ілюзія
Што агульнага паміж клопатам і кантролем?
Травень. Мінулае і цяперашняе
Я не ўмею плаваць,
катацца на ровары
і прымаць людзей такімі,
якімі яны ёсць.
Красавік. Цёплы час дня
Палачкі і колбачкі на тваім языку.
Сакавік. 20-га
“Цяжар”.
Плачу.
– Анна, вы можете ещё раз произнести это слово?
Плачу.
Люты. 12:00
на заснежаных дрэвах
найлепей заўважныя
чырвоныя ягады
і чорныя птушкі
Студзень. Час зімаваць
Норка ператвараецца ў бярлог.
Снежань. Вечар
200 грам непражытага дня ў шкляной пляшцы …