Горад пры мяжы

penbelarus.org · Цемрык Велет - Горад пры мяжы

дымкая атрута горада пры мяжы,
як абуджэнне мянтамі бадзягі ў залі чакання.
жанчына цягне свой плод на ровары.
“ты цягнеш сябе на ёй?”

паэт васіль памёр у вар’ятні*
і незнаёмы мне сябар бабулі сяргей памёр у вар’ятні
– цукеркі з яго пахавання з’ямо,
можа, у іх частка сяргея і васіля?
бо
першага катавалі зялёныя сябры ў пагонах,
а другога – белыя сябры ў халатах.

“вярнуцца ў масты? не”.
(глядзець з вакна на сад у запусценні,
гукі разбітых бутэлек уначы
гучаць ужо натуральна, прыродна,
бесперспектыўныя вяселлі і зачыны,
грукат фабрыкі, усім лепей, чым калі).

у гародні ў яе –
чорныя валасы, вочы блішчаць.
цыгарэта куляй трапляе ў голаў, гніе:
“еш бананы й маўчы,
падару сабе вяроўкі й бізуны ўначы,
мне патрэбныя прыгонныя сялянкі,
мне патрэбны кантрабандысцкі супакой
у доме на гары, што буслянка
у горадзе пры мяжы,
трошкі алкаголю й гарбата,
ты прыедзеш да мяне, адкажы?“.
на зваротным шляху ранак насалодзіць вагон.