Хочацца дотыкаў

penbelarus.org · Ярына Дашына - Хочацца дотыкаў

Хочацца дотыкаў. Вуснаў пальпацыі. Цела.
Распушыцца ў моры блакітнавокім
небам. Інструмент, на якім грае вецер,
крыху фальшывіць — нота -ля- западае.
Блямкае флігель па пераноссі даху
нейкі ірваны і сумны матыў скандынаўскі.
Чайка пружыніць хвалю, гумовай цацкай
роўнядзь марскую разгойдваючы павольна.
Гэтай бязважкасці хопіць на жменьку словаў,
кінутых услед маладому твайму каханку.
Сонца за небасхілам барвовым вокам
сочыць і п’е праз праменьчык крывавую Рыту.
Цела жыве асобна: ходзіць у крамы,
бібліятэку наведвае, запаўнач недзе
соўгаецца па рэстаранах і барах.
Цела “падсела” на целы і не выпадае
з гэтага рытму. Яго ўвесь час ванітуе
выпукла-увагнутасцяў несупадзеннем…
Вусны скусаныя ў цёплую бескасцёвасць —
волі набыты прыкус.