ноч на аўтадазвоне
гудкі – як дручкі,
гумовыя кулі
усе на аднаго
130, 131 – працяжны,
як да ранку тварам у бетон
як непрытомнасць, з якой вырывае
новы ўдар
як трое сутак без ежы
няма адказу на ўсе нашы
белыя кветкі
чырвоныя сэрцы
чалавечае цела і памяць
вытрымліваюць траўмы,
несумяшчальныя з верай у лепшае
пераймяноўваем колеры на
“страх”, “трывогу”, “жалобу”
“супраціў”, “чаканне”, “надзею”
калі ўсё гэта скончыцца
я дапамагу табе фарбаваць
гэтыя голыя сцены
ў белы
чырвоны
белы