І калі ты памрэш — гэта будзе ў жанры non-fiction

penbelarus.org · Ярына Дашына - І калі ты памрэш — гэта будзе ў жанры non-fiction

І калі ты памрэш — гэта будзе ў жанры non-fiction.
У куце, за абразам, нямы зварухнецца павук.
Нехта нават заплача й закажа святочную цішу
ў бюро рытуальных і аднаіменных паслуг.

Ты ў гэтае дземісізонне хварэла бясконца.
Жоўкла-жованы вечар, гарчычнікі вершаў, адчай.
За акном дэпрэсіўная восень з пражылкамі сонца.
Бергамотны і кававы твой аднаклетачны рай.

І каханне, і вернасць, і здрада… У жанры non-fiction
час губляе прытомнасць і нюхае нашатыр…
Дачытаеш сцэнар жыцця, варыянт рукапісны
і загугліш сябе — атрымаеш дзве тысячы Ір.