і снег прайшоў і вецер змоўк
і з-пад карэнняў выпаўз цмок
і сеў пад месяц гурбу з’еў
пачаў маліцца пакрысе
– о бог мой бог закалыхай
і ў сон запхнецца сонца хай
і я на золаце маім
спяю табе і варце гімн
і хай – калі б гулі грамы
і дождж мне скуру мокры мыў –
я б славу срэбрам празвінеў
і навальніцы і вайне
але – калі мне снег і дол
і я прачнуўся – я ніхто
і бог мой бог мой сон буйны
і для гары і для вайны
мой сон для скарбаў і агню
дай толькі сон – я сам прысню
і бог пагладзіў цмокаў нос
сказаў што сам ня спаў даўно
і прыхіліўся да храбта
і, уздыхнуўшы, прашаптаў:
– і дзякуй ім за вернасць іх! –
і ў мармытанні думак сціх