Калі раптам ў руках расколваецца талерка

penbelarus.by · Даша Бялькевіч - Калі раптам у руках расколваецца талерка

Калі раптам ў руках расколваецца
Талерка,
І кроплі крыві з пальцаў падаюць на
Падлогу,
Чырвань на белым забівае боязь і страхі
Клерка,
Ты пачынаеш лепш разумець задуму Сусвета
І Бога.

Вусны ў трэшчынках, а ты ўсё роўна ясі
Апельсін.
Ведаеш, што будзе пякуча, але адчуваеш
Смак.
Выходзіш з дому раней, а чакаць на трамвай дваццаць
Хвілін,
Бо ўсё адбываецца своечасова і не проста
Так.

Ў мясным адзеле сардэчна просіш узважыць
Сардэлькі –
Бледныя, тоўстыя, што ляжаць каля
Сценкі.
Артыстычная прадавачка, папраўляючы
Камізэльку,
Крычыць, злуецца – зусім раз’юшылася
Паненка.

Перад люстэркам яна доўга рэпетавала
Скандал:
“Скажите нормально названье и цену
Товара!”
І вось нарэшце знайшоўся дурань, які яе
Раззлаваў
Я скалю зубы і смяюся ў твар
Пажару.

***
Дома я запару гарбату, пастаўлю ў ваду наламаны
Бэз,
Кіну ў кубак дзве лыжкі цукру, глытну і ўспомню, што п’ю
Без.