Парэчкавае сочыва
Слоік з парэчкавым сочывам стаяў у шафе з посу – дам, дзе яго ніхто не шукаў.
Іншыя ўжо знайшлі, і яны, спустошаныя, чакалі наступнага лета. А гэты схаваўся за талеркамі, таму затрымаўся да лютага.
А напаўнялі яго яшчэ ў ліпені, ягада за ягадай, хвіліна за хвілінай.
Спачатку парэчкі падалі ў вядро грукочачы, бы кроплі дажджу, а пасля набралася дно і стала ціха.
Ягада за ягадай, хвіліна за хвілінай.
Буйныя, чорныя, налітыя, крыху — з павуціннем, крыху — з засохлым лісцем. Адну абхапіў лапкамі жук ды так і ўпаў з ёю ў вядро, трымаючы ў абдымках.
Ягада за ягадай, хвіліна за хвілінай.
На пальцах заставаліся чырвоныя, падобныя да крыві, плямы, калі лізнуць — салодкія.
Ягада за ягадай, хвіліна за хвілінай.
Бясконцыя кусты, бясконцае неба, бясконцае сонца. Як надакучыць маўчаць, можна пачаць размо – ву — і пакоцяцца слова за словам, ягада за ягадай, хвіліна за хвілінай:
— Дзед, як быў малады, паехаў зарабляць на шахты, далёка ў Расію. Тут ён толькі на зямлі працаваў, а там — пад зямлёю. Тут збіраў залатое, зялёнае, чырвонае, жывое, а там — чорны вугаль. І так непадобна было гэта новае чорнае цвёрдае жыццё да таго, што меў раней, што і не ўпэўнены быў, ці былі калі тая вёска, свая хата, сям’я. Там ён і спаткаў бабулю: яна таксама без мінулага, нічога за сабой не мела. Так яны і падабраліся адзін да аднаго, ягадка да ягадкі. А зараз абодвух няма.
Калі ў вядро скоціцца сонца, на галінках нічога болей не застанецца, ягады занясуць у дом і пакінуць адпачыць, бо здаецца, што і яны стаміліся і гудуць, як напрацаваныя рукі, ныюць, як скамянелыя спіны.
Наступным ранкам парэчкі памыюць, ператруць з цукрам, паставяць кіпець.
З дна рондаля падымецца вецер, які заснуў у кустах і так і патрапіў у пастку, забуркоча, вырвецца на паверхню, паспрабуе вызваліцца, ператворыцца ў белую аблачынку, каб вылецець у расчыненую фортку. Але занадта салодкае сочыва, не адарвацца. І аблачынку з’ядуць, назваўшы пенкай, а што рабіць, гэта жыццё, а не казкі.
За вокнамі цёмна, а значыць, вельмі позна, забавіліся.
І калі будуць разліваць сочыва, то падасца, што гэта разліваюць летнюю ноч — густую, сіне-фіялетавую, з маленькімі бубачкамі-зоркамі. Разальюць і закрыюць, падпісаўшы, як мастак падпісвае твор: “Парэчкі, 2019”. І схаваюць яе да зімы.
А ў лютым знойдуць апошні слоік, пра які ўсе забыліся, і з’ядуць з гарачай гарбатай. І раптам — пасталеюць на два летнія дні.
Бо той час, калі збіралі парэчкі, дагэтуль стаяў некрануты, непрамінулы, закансерваваны. А зараз, эх, вычарпалі яго, ягаду за ягадай, хвіліну за хвілінай.
Снег
Прачынаешся цёмным ранкам і бачыш за акном ззянне, якога не было восенню. Значыць, ноччу выпаў снег. Бязгучна лёг паўсюль, не прамінуў ніводзін шлях, ніводзін дах, нібыта пыл.
І горад цяпер — як пакой, куды даўно не заходзілі. Падзьмеш — уздымеш пыл. Правядзеш пальцам — пакінеш след. Чый гэта пакой? Не памятаем. Навошта ён? Пачакайце: развіднее, і мы ўспомнім, абавязкова ўспомнім. А пакуль так добра глядзець на нічыйны пакой, куды даўно не заходзілі і таму забыліся, які ён прыгожы. Казачны.
Снег — як спакой, якога шукалі ўвесь год і не маглі знайсці, а зараз глядзіце — вось жа ён, ляжыць навідавоку.