Карэнне

penbelarus.org · Кацярына Масэ - Карэнне

я помню сваё карэньне
увязлым у пазалюстэр’е,
завязаным пазавузламі,
глыбокімі пазаснамі.

я помню сваё галіньне
раскінутым чорным крыльлем,
завітым зьмяінымі танцамі,
разблытаным белымі пальцамі.

я ведаю пра далёкае,
што сочыцца прапратокамі,
ўпадае ў прапрадоннае,
у мора – у прапрароднае.

у праўдзе сваёй упартая,
я раем тваім праклятая!
паклікана божаю воляю
цябе спакушаць недазволеным.

я помню той плод багавейлівы,
намацаны пальцамі белымі.
і шоргат крыла па-за намі,
і рай, які зьнік пад нагамі…