Казкі. Белая зорка

penbelarus.org · Адам Глобус - Белая зорка
У шэрай краіне ўсе кіраўнікі шэранькія. Гэта не азначае, што такія кіраўнікі не хочуць панаваць доўга-доўга. Самы блякла-шэранькі кіраўнік прагне ўлады не менш за чорнага ці чырвонага. Воля да ўлады ў шэранькага кіраўніка такая ж магутная, як і ў кіраўніка жоўтага або сіняга. Жаданне ўладарыць у галоўнага шэранькага кіраўніка настолькі вялікае, што астатнія кіраўнікі лічаць за лепшае падпарадкоўваюцца яму. Час у шэрай краіне плыве няўмольна, як і ў астатніх дзяржавах. Галоўны кіраўнік састарэў. Вырасла новае пакаленне дзяцей. Гэтыя дзеці і выйшлі на галоўны пляц сталіцы, бо высока ў небе загарэлася Белая зорка свабоды. Дзеці прыйшлі на плошчу і ўзнялі рознакаляровыя сцягі. Шэранькі кіраўнік пачуў пра Белую зорку і ўстрывожыўся, разам з ім захвалявалася ўся краіна. Кіраўнік сабраў шэранькіх святароў з шэранькімі вайскоўцамі і спытаўся: чаму ўзышла Белая зорка і чаму сцяганосцы выйшлі на пляц? Яму сказалі, што сярод дзяцей ёсць новы кіраўнік краіны – белы правадыр. Чутка пра зорку і новага правадыра абляцела свет. Шмат хто прыходзіў на пляц, каб паглядзець на белага правадыра. Былі і такія, што асуджалі дзяцей, але іх было не многа. Людзі з далёкіх Заходніх і Ўсходніх дзяржаў таксама прыязджалі і прыходзілі на плошчу, каб на свае вочы пабачыць мужных дзяцей пад Белай зоркаю. Тры дні і тры ночы шэранькі кіраўнік думаў, як пазнаць і вылічыць новага правадыра, каб пазбавіцца ад яго. Галоўны кіраўнік нічога не змог прыдумаць, бо кожны, хто стаяў на плошчы, мог быць правадыром. Тады шэранькі кіраўнік загадаў шэранькім салдатам збіваць, арыштоўваць і кідаць за краты ўсіх, хто быў на плошчы. Салдаты паехалі выконваць жорсткі загад. Тым часам, залаты анёл з’явіўся ў сне бацькі белага правадыра. Ён паўстаў і загадаў, каб бацька пайшоў на пляц і забраў дзіця сваё, каб схаваць і выратаваць новага правадыра. Бацька паслухаў анёла, пайшоў на плошчу і забраў дзіця сваё. На пляц прыехалі шэрыя машыны. Салдаты пахапалі дзяцей і развезлі па турмах. Па дарозе да турмаў, вайскоўцы страшылі дзяцей, крычалі, што вязуць іх растрэльваць. Дзеці не збаяліся пагрозаў, бо яшчэ перад тым, як выйсці на пляц, яны чулі ад шэранькіх кіраўнікоў папярэджанне, што ўсе, хто выйдуць са сцягамі свабоды, будуць залічаны да тэрарыстаў, якіх чакае суд і смяротнае пакаранне. Шматкроць жахлівая пагроза гучала па шэрым тэлебачанні і шэрым радыё. Тэлевізары і кампутары ўсяго свету паказвалі і каментавалі пагрозу. Таму старэйшыя грамадзяне збаяліся выйсці на пляц, і на плошчу прыйшлі дзеці, шмат дзяцей, шмат сумленных і прыгожых дзяцей. Тры дні і тры ночы яны прастаялі са сцягамі рознакаляровай свабоды пад Белай зоркаю. Калі іх завезлі ў турмы і асудзілі на зняволенне, галоўны кіраўнік пачаў вывучаць спісы з прозвішчамі асуджаных. Разам з шэранькімі святарамі і шэранькімі вайскоўцамі ён шукаў імя белага правадыра, імя будучага кіраўніка краіны. Шэранькія ахоўнікі абыходзілі турмы і аглядалі зняволеных дзяцей, але не знайшлі белага правадыра. Бо нікому з іх не дадзена зазіраць у будучыню, дзеля якой і паўстала Белая зорка.