Ноччу на праспекце Ружовая манекеншчыца спыніла таксоўку. “У радзільны дом!” – загадала яна. “У які?” – удакладніў таксоўшчык. “Той, што стаіць насупраць могілак”. Таксоўка прывезла кліентку да дзвярэй радзільні. Манекеншчыца папрасіла таксоўшчыка пачакаць. Той чакаў больш за гадзіну, а, калі сабраўся з’ехаць, пабачыў у дзвярах сваю кліентку. “Вы так цудоўна выглядаеце. У вас такая цудоўная фігура і такая ружовая скура… Вачэй не адарваць!” – сыпаў кампліменты таксоўшчык, пакуль вёз кліентку на праспект. “У мяне такая выдатная фігура і такая ружовая скура, бо я знайшла найлепшую крыніцу харчавання. Я п’ю кроў свежанароджаных дзяцей!” – сказала манекеншчыца таксоўшчыку, калі той спыніў машыну на праспекце, – Кажаш, ад мяне вачэй не адарваць?” – “Не адарваць!” – пагадзіўся таксоўшчык. І тады Ружовая манікеншчыца вырвала яму вочы.